Багушэвічу і ня сьнілася: 3D-тур па кушлянскай сядзібе клясыка

Па літаратурна-мэмарыяльным музэі клясыка беларускай літаратуры ў Кушлянах на Смаргоншчыне цяпер можна паблукаць з любога пункта сьвету. Гэта стала магчымым дзякуючы адмысловаму 3D-туру, які бясплатна распрацаваў для ўстановы фатограф і праграміст, аўтар праекту atmasfera. by Станіслаў Багдзевіч. Адзіная ацалелая сядзіба слыннага пісьменьніка ў Кушлянах — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ХІХ стагодзьдзя. Музэй разьмешчаны ў доме, які Францішак Багушэвіч пабудаваў у 1896-м і дзе правёў свае апошнія гады, паведамляе «Радыё Свабода». Як і фізычная экскурсія, віртуальнае падарожжа ахоплівае памяшканьні, у якіх выстаўленыя экспанаты.