Анджэю Вайду - 90 гадоў

Сёньня польскаму рэжысэру Анджэю Вайду спаўняецца 90 гадоў. Ніхто ў Польшчы не сумняваецца, што Вайда — найвыдатнейшы польскі кінэматаграфіст. За мяжою думаюць пра яго, хутчэй за ўсё, падобным чынам. У 1981 годзе ён атрымаў «Залатую пальму» ў Канах за фільм «Чалавек з жалеза». За кінэматаграфічныя дасягненьні ўсяго жыцьця яго ўзнагародзілі «Залатым львом» Вэнэцыянскага кінафэстывалю (1998), «Оскарам» Амэрыканскай акадэміі кінэматаграфістаў (2000) і «Залатым мядзьведзем» Бэрлінскага кінафэстывалю (2006). Справа, аднак, у тым, што Анджэй Вайда лічыўся найлепшым польскім рэжысэрам ужо нашмат раней, калі ні за мяжою, ні нават у Польшчы яго і ня думалі расьпешчваць прэміямі ці ордэнамі і мэдалямі.