Памятаем пра герояў: паплечнік Каліноўскага, нязломны Валерый Урублеўскі

Валерый Урублеўскі назаўсёды застанецца нашым героем, які дзейнічаў поруч з Каліноўскім у імя Беларусі і на карысць нашага народа. Зіма 1864-га. Мяжа Расійскай і Аўстрыйскай Імперый. У расійскі вайсковы лагер прыбывае карэта шляхціца Ксаверыя Складоўскага. Той адразу ж кіруецца да начальніка па дазвол выехаць за мяжу для яго дачкі Баляславы. Разам з дзяўчынай у карэце — эканомка. Пакуль бацька дабіваўся дазволу, два маладыя афіцэры падышлі да карэты і пачалі заляцацца да панны Баляславы. Выгляд эканомкі падаўся падазроным адному з іх. Расеец ужо збіраўся абшукваць экіпаж, як побач з’явіўся старшы афіцэр на кані і даў двум залётнікам нейкі неадкладны загад.