Фільм пра апошнія дні Кастуся Каліноўскага

Шмат хто ў нашыя часы прывык глядзець на Кастуся Каліноўскага як на бронзавы бюст, а гэта – жывы чалавек з сумленнем ды поглядамі. Аб гэтым адзначыў у размове з Belsat. eu рэжысёр дакументальнай стужкі Валеры Мазынскі. Дакументальны фільм «Каліноўскі. Апошнія дні» выйдзе ў эфір «Белсату» 20-га сакавіка, напярэдадні гадавіны смерці нацыянальнага героя беларусаў. Кінааповед мае надзвычай арыгінальную форму – апошнія дні Кастуся Каліноўскага перад смяротным пакараннем рэканструюе тэатральная трупа, якая спрабуе асэнсаваць для сябе асобу паўстанцкага лідара, звяртаючыся да дакументаў эпохі ды сведчанняў сучаснікаў Каліноўскага.