«Свята Роднай Мовы» пройдзе ў Мінску 22 лютага

22 лютага на двух паверхах бізнэс-клубу Imaguru (Мінск, вул. Фабрыцыўса, 4) адбудзецца «Свята Роднай Мовы». Мерапрыемства прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы, які з ініцыятывы UNESCO традыцыйна адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага, паведамляюць «Беларускія навіны». У гэтым годзе каманда «Арт Сядзібы» і культурніцкая пляцоўка «Беларуская Прастора» вырашылі сабраць шматлікія беларускамоўныя творчыя ініцыятывы, моўныя курсы, бізнес-праекты, вытворцаў сувеніраў і паштовак, цікавых музыкаў і адметных творцаў разам на «Свяце Роднай Мовы». Ідэя свята — паказаць, што беларуская мова не толькі жыве і развіваецца, але натхняе шматлікіх людзей на цікавыя і яскравыя праекты, акрыляе на добрыя справы.