Пётра Машэра, або як русіфікавалі прозьвішчы

Тысячы беларускіх прозьвішча былі пераробленыя малапісьменнымі расейскімі пісарамі пасьля захопу Беларусі Расеяй у канцы XVIII ст. Было на БТ такое шоў «Подводная одиссея команды Кухто». Назва жыўцом перанятая ад тэлевізійнага цыклю выдатнага францускага акеаноляга, вынаходніка сучаснага аквалянгу, кінэматаграфіста Жака-Іва Кусто. Кожны сам – да пэўнае мяжы – распараджаецца сваім прозьвішчам, у тым ліку для стварэньня «брэндаў». Мяне дык прозьвішча тэлежурналіста натхняе ўзгадаць не Кусто, а радкі Максіма Багдановіча пра знакамітага друкара: «…У друкарні пана Марціна Кухты».