Французскі гурт Karpatt запісаў песню на словы Караткевіча (Аўдыё)

Французы з ахвотаю адгукнуліся на прапанову пакласці на музыку беларускі верш у перакладзе. «Гэта проста выдатная ідэя – аб’яднаць людзей з розных краінаў, адкрыць ім нешта новае і даць магчымасць падзяліцца сваім з дапамогай паэзіі, якая цудоўна гучыць на якой заўгодна мове!» — кажа аўтар песень, гітарыст і вакаліст гурта Karpatt Фрэд Рала. Пераклад верша Уладзіміра Караткевіча «Зімовы дуб» на французскую мову зрабіла Ларыса Гіймэ. Гэта не першая такая праца для яе: у творчым багажы перакладчыцы і п’еса Янкі Купалы «Тутэйшыя», і п’есы сучасных беларускіх драматургаў.