Будзе бiтва

Перспектывы Беларусi ў трэцяй сусветнай вайне. Калі 30 лістапада 2013 года ў Кіеве брутальна збілі пратэстоўцаў, я, як і многія, падумаў пра беларускі варыянт «19». 19 снежня 2010 года ў Мінску адбылася экстраардынарная падзея. Шмат хто хацеў дэманстрацыю, мітынг і наступны разгон знівіляваць, кшталту «ізноў разагналі», «усё як заўжды» і д. п. Але і ў Кіеве ў 2013-м, і ў Мінску ў 2010-м упершыню адбылася не міліцэйская, а карная аперацыя. То бок, задача была не разагнаць пратэстоўцаў, а сагнаць у адзін гурт, і правучыць – збіць па поўнай праграме. У Кіеве на пачатку пратэстоўцаў было няшмат, а вось у Мінску паляванне на людзей адбывалася і пасля ўласна разгону: хапалі на прыпынках грамадскага транспарту нават далёка ад месца мітынгу, напрыклад, ля станцыі метро «Няміга».