Дзесяць рэчаў, якія псуюць наш горад

Увогуле, Мінск – такое месца, якое сапсаваць ужо немагчыма. Бо далей проста няма куды. Ягонае цяперашняе аблічча – само па сабе вынік доўгага, руплівага, свядомага і несвядомага псавання, да якога прыклаў руку кожны начальнік. Ці, хутчэй, не руку, а лоб. Яны так лечацца, тыя начальнікі – прыкладаючы хворыя месцы да гэтага горада: homeopathiс inferno. Як толькі ў нейкім кутку Мінска заводзіцца нясмелы вірус гарадской гармоніі, яна бязлітасна вынішчаецца – каб не забываліся, падлы, дзе жывяце. Зрэшты, і ў такім месцы жыць бывае займальна і цікава – эклектыка стыляў, эпілепсія колераў, пірожнае эклер з салам, у Мінску можна ўсё – бо нічога яму не зробіцца, “чай, не Париж”; часам самога сябе хочацца парваць на калаж, бо неяк сорамна за ўласную цэльнасць.