![]()
8 верасьня магілёўскія грэка-католікі адзначаюць сваё парафіяльнае сьвята — Іконы Маці Божай Бялыніцкай. Напярэдадні ў мясцовай грэка-каталіцкай царкве, што знаходзіцца на тутэйшых каталіцкіх могілках, адбылася ўрачыстая літургія. Яе адслужыў Апостальскі візытатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У царкве сабралася нямала вернікаў. Многія на ўрачыстасьць прыйшлі зь дзецьмі. Традыцыйна ўрачыстасьць завяршылася малітваю за Беларусь пад сьпеў гімну «Магутны Божа». Ці адрадзілася пасьля 150 год заняпаду ўніяцкая царква на Беларусі, чым яна жыве цяпер, і якая роля адведзена беларускай мове і культуры ў ёй? На пытаньні «Радыё Свабода» адказаў архімандрыт Сяргей Гаек.