Як я біўся пад Грунвальдам

Адзінаццаць год таму я ўпершыню стаяў на Грунвальдскім полі, слухаў гімн «Багародзіца» і глядзеў на крыжацкія палкі, якія стаялі трохі злева насупраць. Было сапраўды спякотна, і вопратка пад даспехам хутка стала наскрозь мокрая. У руках я трымаў двуручны меч і нецярпліва чакаў, калі пачнецца бітва, калі мы рушым наперад, следам за вершнікамі. А потым наша харугва пайшла на крыжакаў і спёка, цяжкія даспехі і заліваючы вочы пад шлемам пот сталі неістотнымі, бо пачалася Грунвальдская бітва. Гэты успамін можа прыгадаць некалькі тысяч удзельнікаў рэканструкцыі, якая штогод адбываецца ў Польшчы на тым самым полі, дзе 604 гады таму саюзнае войска Вялікага Княства Літоўскага разам з Польшчай ушчэнт разбіла армію крыжакаў.