Тры законы беларускай робататэхнікі

Беларусаў заўсёды цягнула да космасу. Мо таму, што іхная краіна ня мае гэткіх гор, ускараскаўшыся на якія, да космасу можна дакрануцца і нават баязьліва пагладзіць ягоную чорную поўсьць; а можа, таму, што кожны з нас насамрэч іншаплянэтнік, пасланы сюды з мэтай нешта давесьці — толькі вось што менавіта, мы неяк забыліся. Бывае. Абрыдлая і нясьмешная клясычная показка пра цьвік пад беларускай дупай толькі пацьвярджае нашае падазронае адрозьненьне ад большасьці зямлянаў, у тым ліку фізіялягічнае. Ужо Скарына на знакамітай гравюры выглядае, як капітан зоркалёту пасьля астэроіднай атакі; касьмічная далеч усё жыцьцё хвалявала Язэпа Драздовіча; а вось беларусаў Клімука і Кавалёнка да космасу цягнула-цягнула і ўрэшце ўцягнула. Рубрика: культура