Краіна чужых помнікаў

Пра помнік сэрбскаму бізнэсоўцу на вуліцы Станюты. У Менску на вуліцы Стэфаніі Станюты паставілі помнік аднаму з заснавальнікаў «Дана холдынг», сэрбскаму бізнэсоўцу Срэцену Карычу. Сваёй фінансавай магутнасьці Срэцен Карыч дасягнуў пры югаслаўскім дыктатары Слабадане Мілошавічы, брат Срэцена Багалюб меў мянушку «гаманец Мілошавіча». Гэты ж самы Багалюб — дарэчы, гэта ён апрылюдніў факт пастановы помніку на сваёй старонцы ў Фэйсбуку — абвінавачваецца на радзіме ў буйных фінансавых махінацыях, на ягонае імя выпісаны міжнародны ордэр на арышт. У 2010 годзе прытулак яму дала Расея, празь некалькі год ён набыў нерухомасьць у Беларусі. Герб Карычаў, якія шмат год фінансавалі крывавы югаслаўскі рэжым, упрыгожвае ня толькі пастамэнт новага помніку, але і новабудоўлю на Кастрычніцкай плошчы — там, дзе замест зьнесенага музэю айчыннай вайны ўзводзіцца чарговы архітэктурны шэдэўр безгустоўнасьці. Тым часам у Купалаўскім парку ў Менску засыпаны жвірам падмуркі дома братоў Луцкевічаў: Івана, што стаіць напачатку беларускай дзяржаўнасьці, Антона, што запачаткоўваў беларускую крытыку, і Стэфана, які выратаваў Янку Купалу ад сьмерці.