У Берасці на сценах намалююць яшчэ 17 вершаў беларускіх паэтаў

Аўтары ініцыятывы збіраюць сродкі і запрашаюць далучацца. У канцы мінулага года ў Берасці з’явіліся тры муралы з вершамі беларускіх класікаў. На вуліцах Маякоўскага, Гогаля і Камсамольская прапісаліся творы Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна і Ніны Мацяш. Акцыя рэалізоўвалася дзякуючы валанцёрскай ініцыятыве #vershybrest пры падтрымцы Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”, перадае racyja. com. Пасля стварэння трэцяга мурала стала зразумела, што ў берасцейцаў ёсць вялікая цікаўнасць да працягу ініцыятывы. Гарвыканкам даў згоду на працяг праекта і было вырашана, што ў горадзе можна стварыць яшчэ 17 такіх муралаў. Зараз аўтары праекта просяць дапамогі ў гараджан. Чым можна дапамагчы:1. Прапанаваць свае ідэі і пасля прагаласаваць за вершы, якія будуць напісаныя на сценах гарадскіх будынкаў. Дастаткова проста запоўніць форму. 2. Калі ты мастак ці дызайнер, можаш прапанаваць сваю крэатыўнасць і досвед і папрацаваць над стварэннем вершаваных арт-аб’ектаў.