Жыве мова — жыве народ

Як у нашай краіне распачыналася маштабная беларусізацыя. «Закон аб мовах у Беларускай ССР», паводле якога беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай у нашай краіне, быў прыняты 30 гадоў таму. Апроч яго быў прыняты і план беларусізацыі ў выглядзе Дзяржпраграмы. Калі б гэта ажыццявілася — ужо б колькі часу паўсюль у нас гаварылі па-беларуску. А дакладней, яшчэ б у 2000 годзе. Але з ініцыятывы Лукашэнкі прайшоў рэферэндум 1995 года, па выніках якога было ўсталяванае двухмоўе, відавочна дыскрымінацыйнае ў адносінах да мовы тытульнай нацыі. Згадаем, што пісалася ў «Законе аб мовах», якім быў план беларусізацыі, ды ўявім сабе, як усё магло б выглядаць. Што цікава: «Закон аб мовах» 26 студзеня 1990 года прыняў Вярхоўны Савет БССР яшчэ 11 склікання, дзе амаль спрэс былі камуністы. Новы парламент, абраны ў выніку першых дэмакратычных выбараў, з Апазіцыяй БНФ у складзе, запрацаваў толькі праз некалькі месяцаў. Ацаніце і вынік галасавання: 332 дэпутаты падтрымалі моўны закон, толькі 27 прагаласавалі «супраць» і 9 — устрымаліся.