Эксклюзіўны міністр Міхаіл Марыніч

Cёння яму споўнілася б 80 гадоў. Кіраўнік Мінгарвыканкама, міністр знешнеэканамічных сувязяў, кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2001, палітвязень — сёння Міхаілу Марынічу споўнілася б 80 гадоў, пiша «Новы час». Міхаіл Марыніч паходзіў з Гомельшчыны (нарадзіўся 13 студзеня 1940 года ў вёсцы Старыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёна). У СССР працоўную кар’еру зрабіў у будаўнічай галіне. З ёй быў звязаны і на сваёй першай высокай дзяржаўнай пасадзе. У 1984 годзе стаў намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкаму, курыраваў будаўніцтва сталічнага метро, якое якраз запрацавала ў тым годзе. У першыя гады незалежнасці Беларусі (1990-1991) узначаліў сталічны выканкам, стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета. Калі парламент у 1993 годзе ўшчыльную заняўся вывучэннем дзейнасці камерцыйных структураў пры органах улады, менавіта Міхаіла Марыніча многія бачылі на пасадзе старшыні адмысловай расследавальніцкай камісіі. За Марыніча гатовыя былі прагаласаваць і дэпутаты Апазіцыі БНФ, разумеючы, што іх прэтэндэнт на ачольванне антыкарупцыйнай камісіі Сяргей Антончык наўрад ці пройдзе.