Анхела Эспіноса Руіс: У літаратур Беларусі і Гішпаніі шмат агульнага

Гішпанка зрабіла параўнаўчы аналіз літаратурных сітуацый у Гішпаніі і Беларусі напрыканцы ХХ стагоддзя. Гішпанская літаратуразнаўца Анхела Эспіноса Руіс працягвае свае даследаванні беларускай літаратуры. Гэтым разам яна зрабіла параўнаўчы аналіз літаратурных сітуацый у Гішпаніі і Беларусі напрыканцы ХХ стагоддзя, паведамляе racyja. com. З гэтым дакладам яна выступіла на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі. Для параўнаўчага аналізу яна ўзяла творчасць паэтаў – лідара Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» Анатоля Сыса і лідара гішпанскай літаратурнай суполкі «Іншая пачуццёвасць» Луіса Гарсія Мантэра. Кажа Анхела Эспіноса Руіс:– Беларуская літаратура выбірае беларускае, нацыянальнае, сваё. Вяртаецца да мовы, да крыніцаў. Адмаўляецца ад эстэтыкі савецкага канону. Што датычна паэзіі, выразна адчуваецца прысутнасць Анатоля Сыса сярод «Тутэйшых». Алюзіі да Бацькаўшчыны ў лірыцы Гарсія Мантэра значна радзейшыя. У Гішпаніі такіх тэндэнцый было менш. Паводле Анхелы Эспіноса Руіс, шмат якія асаблівасці літаратурнага развіцця прыканцы ХХ стагоддзя ў Гішпаніі і Беларусі былі агульнымі.