Блогер «Шэры кот»: Упершыню ў палітыку трапіў, калі выйшаў на «Марш дармаедаў»

Калі не займацца палітычнымі пытаньнямі, можна аказацца ў дрэннай сытуацыі. Зьміцер Казлоў вядзе блог «Серый кот», гэта і ягонае хобі, і праца. У «палату прадстаўнікоў» ён вырашыў балятавацца, каб дагрукацца да людзей, якія не глядзяць палітычных блогераў у інтэрнэце. Зьмітру 31 год, жыве ў Воршы, пасьпеў папрацаваць на авіярамонтным заводзе і льнокамбінаце і ўжо некалькі гадоў займаецца сваім блогам. Разам зь ім у акрузе кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваныя 7 чалавек. «Радыё Свабода» распытала Зьмітра пра дэпутацкія амбіцыі і праблемы людзей. Пра выбарчую кампанію і людзей«Я думаў, што спачатку будуць правакацыі ці фальсыфікацыі, але, на дзіва, усё было спакойна. Думаў, што будуць ціснуць на людзей з ініцыятыўнай групы. Нічога такога не было. У мяне было ўсё добра з дакумэнтамі, я падаваўся па партыйных сьпісах БНФ. Сьпярша я зьбіраў подпісы, але пасьля пайшоў па сьпісах. Людзей, якія былі на пікетах і якіх абыходзіў, можна падзяліць на некалькі катэгорый. Самая вялікая — гэта людзі, якія цябе проста не заўважаюць.