Паніка ў штабе Лукашэнкі

Другі тур выбараў-1994 можна было сарваць. 23 чэрвеня 1994 году адбыўся першы тур выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. З шасьці зарэгістраваных кандыдатаў (старшыня Саўміну Вячаслаў Кебіч, старшыня БНФ Зянон Пазьняк, лідэр камуністычнай партыі Васіль Новікаў, дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну Аляксандар Лукашэнка, дэпутат Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і старшыня калгасу «Прагрэс» Гарадзенскага раёну Аляксандар Дубко) найбольшую колькасьць галасоў набралі Аляксандар Лукашэнка і Вячаслаў Кебіч. Ноч у чужым горадзе. . . Ноч з 23 на 24 чэрвеня, калі падлічваліся вынікі галасаваньня ў першым туры выбараў, я ў якасьці даверанай асобы Зянона Пазьняка правёў у Цэнтральнай выбарчай камісіі, прычым — у кабінэце яе старшыні Аляксандра Абрамовіча. Да яго сьцякаліся дадзеныя з абласных камісіяў, і ужо гадзіны ў тры ночы быў папярэдні вынік: перамог Аляксандар Лукашэнка, ён атрымаў каля 54-56 працэнтаў галасоў. Другім за ім ішоў Пазьняк, потым — Шушкевіч, а Кебіч быў на чацьвёртым месцы.