Свята да Дня народзінаў Васіля Быкава пройдзе ў новым фармаце

95-ыя ўгодкі з Дня нараджэння Васіля Быкава плануюць адзначыць у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна 22 чэрвеня. Штогод імпрэзу ў гонар беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча Васіля Быкава традыцыйна ладзіў Рух “За свабоду” і Віцебскае аддзяленне “Таварыства беларускай мовы” , паведамляе racyja. com. Але, як кажуць арганізатары, сёлета адбудзецца перафарматаванне гэтага свята і, магчыма, уручэння прэміі імя Васіля Быкава “За свабоду думкі” на імпрэзе не будзе. Як кажа сябра Рады Руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў з Віцебска, сёлета Рух “За свабоду” – адзіны арганізатар свята. – Фармат будзе троху іншы ў тым плане, што раней была афіцыйная частка на пляцоўцы каля дома-музея, а пасля другая частка была на тэрыторыі хаты, дзе калісьці была школа і дзе вучыўся Быкаў. Зараз усё будзе на тэрыторыі, дзе была школа. Гэтая хата ў прыватнай уласнасці і людзі прадастаўляюць памяшканне і тэрыторыю для таго, каб там правесці свята. Таму першай часткі не будзе, усё астатняе будзе, як было заўсёды.