Уладзімір Някляеў: Нам Беларусь – як кроў для сэрца, таму мы яе і адстаім

Усе будзе добра. Пра гэта адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Уладзімір Някляеў напісаў у «Фэйсбуку»:- На ўсе прыватныя допісы і тэлефанаванні кшталту «а на каго ж ты нас пакінуў?» адказваў прыватна, але пасля аднаго допісу падумаў, што не зашкодзіць адказаць і публічна. Дачка блізкай сяброўкі напісала: «Я з каляжанкай, яе зваць Аксана, яна таксама з Мінску, сканчаем вучобу ў Польшчы. І трэба прымаць рашэнне: тут застацца, ці вяртацца дахаты? Схіляемся да таго, каб вярнуцца. Але маці кажа, каб заставаліся. Кажа, што вы зехалі, бо ведаеце нешта нядобрае, што чакае Беларусь. Гэта так?»Калі ўзнікаюць такія пытанні, дык дзякуй тым, хто прыдумаў мае «ўцёкі». Аксана, Алеся, я ніколі не пакідаў – і не пакіну ніколі Беларусь. І з гэтым – кропка. Што да чаканняў, добрых ці нядобрых, дык Бог ведае, што нас чакае. Калі выпрабаванні, дык тым больш трэба быць на Радзіме, каб дапамагчы ёй выстаяць. Але рашэнне кожны прымае сам. Я буду дома. У Беларусі я жыву, а тут, у Швецыі, дзе я зараз, пішу.