Пратэстанцкі пастар атрымаў медаль да стагодзьдзя БНР

Рада БНР уручыла медаль да стагодзьдзя БНР пастару Эрнсту Сабілу. Эрнст Сабіла нарадзіўся ў 1932 годзе пад Менскам. Празь некалькі гадоў ягоную сям’ю як “недобранадзейных” перасялілі ўглыб тагачаснай БССР, у Бабруйск, пiша сайт radabnr. org. У 1949 годзе савецкія карніцкія ворганы завялі на Сабілу крымінальную справу за спробу стварыць беларускую дэмакратычную арганізацыю. Летам 1951 г. яго арыштоўваюць і зьмяшчаюць у “Амэрыканцы”. Праз два месяцы ён быў асуджаны да расстрэлу за “антысавецкую агітацыю на падставе рэлігійных і нацыянальных забабонаў”, але неўзабаве пакараньне замененае дваццаціпяцігадовым тэрмінам зьняволеньня ў ГУЛАГу. Сабіла знаходзіўся ў савецкіх лягерах да 1956 году – спачатку ў Падмаскоўі, потым у паўночным Казахстане, Сыбіры і Ўладзіміры. Хутка пасьля вызваленьня ў 1957 годзе Сабіла зноў зьмешчаны ў турму ў сувязі з падаўленьнем паўстаньня ў Вугоршчыне і хваляй рэпрэсіяў супраць патэнцыйных актывістаў. Ён адбывае сямігадовае зьняволеньне ў Мардовіі, дзе збліжаецца з гуртом беларускіх палітычных вязьняў, у тым ліку Цімохам Вострыкавым, Браніславам Ржэўскім, афіцэрамі швадрону Барыса Рагулі і іншымі.