Ігар Варашкевіч: «Басовішча» было адзіным такім фэстам — свабодным беларускамоўным

Што музыкі кажуць пра закрыцьцё «Басовішча». ХХХ Фэстываль музыкі маладой Беларусі «БАСовішча» будзе апошнім, які арганізуе Беларускае аб’яднаньне студэнтаў. Прычына — складаная фінансавая сытуацыя, якая не дае магчымасьці правесьці мерапрыемства на высокім узроўні, паведамляюць арганізатары фэсту, паведамляе «Радыё Свабода». Апошняе «Басовішча» пройдзе 19–20 ліпеня ў паселішчы Гарадок, ва ўрочышчы Борык на Беласточчыне. Сярод сёлетніх хэдлайнэраў арганізатары абяцаюць Лявона Вольскага, гурты «Крама», «Дзецюкі», NaviBand, Re1ikt, Znich. Пра тое, што юбілейнае, 30-е «Басовішча» будзе апошнім, размовы хадзілі даўно. Бо кожны год арганізатары сутыкаюцца зь вялікімі фінансавымі праблемамі. Вось і на апошні фэст грошы зьбіраюць праз краўдфандынгПлянуецца сабраць 15 тысяч злотых (каля 8 тысяч рублёў), 11 тысяч злотых ужо ёсьць. «Гэта было нялёгкае рашэньне, — кажа Лідзія Пякарская, сябра Галоўнай управы БАС. — Але трэба мець адвагу і прызнацца самім сабе, што так будзе найлепш».