Ганна Шапуцька: Улада працягвае зьдзекавацца з забітых у 1930-я

Актывiстка абураная плянам пабудовы пад Курапатамі нацыянальнага выставачнага цэнтру Каардынатарка грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька абураная плянам пабудовы пад Курапатамі нацыянальнага выставачнага цэнтру, паведамляе «Радыё Свабода» . «Пра такія пляны я і раней чула, але верылася, што да гэтага ня дойдзе, што хопіць розуму і сумленьня не чыніць новых правакацый. Відаць, не хапіла. З пункту гледжаньня захаваньня памяці аб ахвярах рэпрэсій пабудова побач з такім месцам выставачнага цэнтру — гэта катастрофа. Адно з другім ніяк не супадае, яны ня могуць суседнічаць. Праз поле праходзіць „Дарога сьмерці“, якая фактычна ёсьць мяжой ахоўнай зоны, дзе будаваць нічога нельга. Але і за ёй — зона рэгуляванай забудовы. Гэта значыць толькі такой, якая не замінае Курапатам, не прыніжае іх значэньня. Дык калі дзяржава ўсё ж вырашыла, што Курапаты — гэта гістарычны аб’ект памяці, калі пачала хоць неяк імі апекавацца, дык навошта зноў прыніжаць?У мяне ўражаньне, што Курапатамі там, ва ўладзе, дагэтуль грэбуюць, ня ведаюць, як ад іх пазбавіцца, і таму вырашылі закрыць гэтыя крыжы нейкімі пампэзнымі пабудовамі, выставамі».