«Людзі разумеюць, што беларускае — гэта модна і прэстыжна»

Як з яслей дзетак вучаць размаўляць па-беларуску. Накідваем чаканыя каментары: «беларуская мова нікому не патрэбная», «дзецям гэта складана», «у рускамоўнай краіне рабіць такое — глупства». У мінскім садку №336 іх разбураць за хвіліну, цягацца не раім. Тут існуе яслі-група, дзе дзеці ў тры гады размаўляюць па-беларуску лепш за шмат каго з дарослых. Вангуем — калі яны вырастуць, то дакладна не стануць пісаць на нашым форуме, што беларуская для іх як замежная. Думаеце, трапіць у такую групу проста? Расчаруем: замест заяўленых 15 дзяцей тут іх ужо 26, і іншыя бацькі забягаюць у садок з надзеяй: «Майго на наступны год возьмеце?» Карацей, пакуль хтосьці ўсё яшчэ заяўляе, што яго дзіцё нічога не зразумее, маладыя бацькі робяць стаўку на беларускасць. Чаму яны ў выніку апынаюцца ў выйгрышы, выхавацелі распавялі Onliner. «Бацькі спачатку моцна баяцца, а потым самі вітаюцца па-беларуску»Дзіцячы садок №336 знаходзіцца ў Малінаўцы па праспекце Газеты «Звязда». Зараз тут існуе дзве групы з беларускай мовай навучання.