«Гэта эмоцыі, сьвята, імправізацыя»

Каб стаць званаром, віцяблянін кінуў працу тэлеінжынэра. Ігар Турчыновіч працуе званаром больш за дваццаць гадоў. Каб вызваліць час для любімага занятку, ён пакінуў працу тэлеінжынэра на «Віцязі» і ўладкаваўся ў ахову. Яго першы звон важыў каля шасьці кіляграмаў. Цяпер Ігар звоніць у дабравесьнік вагою болей за пяць тонаў. Гэта найвялікшы звон Віцебску, які вісіць на вежы Ўсьпенскага сабору ў гістарычным цэнтры гораду. Разам са званаром карэспандэнты Радыё Свабода падняліся на званіцу сьвятыні. А другой гадзіне мы сустракаемся на пляцоўцы каля Ўсьпенскага сабору. У гэты час тут малалюдна: ранішняя служба ўжо адбылася, вечаровая пачнецца а пятай. Звон павінен прагучаць не раней як за гадзіну перад пачаткам набажэнства. Ва Ўсьпенскім саборы дзьве званіцы. Кожная — па сорак мэтраў увышыню. Бліжэйшую да Кіраўскага моста называюць «менскай» — званы для яе адлівала сталічнае прадпрыемства «Выдатнае ліццё». Менавіта яны штодзень гучалі падчас будоўлі Ўсьпенскага сабору на месцы храма, узарванага ў 1936 годзе.