Ад брэнда горада да мабільнага прыкладання: беларускія старшакласнікі раскажуць пра свае праекты на TEDxYouth@Minsk

Першая вялікая інтэлектуальная канферэнцыя TEDxYouth@Minsk, спікерамі якой стануць 10 беларускіх старшакласнікаў, пройдзе ў Мінску на сцэне канцэртнай залы Prime Hall 18 мая 2019 года. Упершыню для руху TEDx у нашай краіне ўсе выступленні спікераў будуць гучаць на беларускай мове. Удзел у TEDxYouth@Minsk для гледачоў – бясплатны па папярэдняй рэгістрацыі. Маштабная маладзёжная канферэнцыя TEDxYouth@Minsk стане наступным мерапрыемствам лакальнага руху TEDx у Беларусі пасля «дарослага» TEDxMinsk, які з аншлагам прайшоў у канцы сакавіка на галоўнай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Спікерамі TEDxYouth@Minsk стануць 10 беларускіх старшакласнікаў – фіналісты рэспубліканскага сацыяльна-адукацыйнага праекта velcom YOUTH. Па яго ўмовах, навучэнцам 10-х і 11-х класаў было прапанавана рэалізаваць свае ідэі ў сферы тэхналогій, культуры і інклюзіі, зняць пра гэта відэаролік і размясціць яго ў сацыяльных сетках з хэштэгам #velcomYOUTH. Журы прагледзела амаль 100 праектаў ад старшакласнікаў з усёй Беларусі.