10 фактаў пра легенду Беларускай тэлевізіі Зінаіду Бандарэнку да яе 80-годзьдзя

Народная артыстка спадзяецца, што беларусаў натхніць прыклад Украіны, дзе за гады незалежнасьці выбралі ўжо 6-га прэзыдэнта. 25 красавіка адзначае юбілей Зінаіда Бандарэнка — народная артыстка Беларусі, самы пазнавальны твар Беларускай тэлевізіі, дзе яна працавала амаль 40 гадоў. Зінаіда Бандарэнка пайшла з тэлевізіі ў сярэдзіне 1990-х. Да мінулага году вучыла аратарскаму і дыктарскаму майстэрству журналістаў, студэнтаў, школьнікаў і бізнэс-лэдзі. Карэспандэнты «Радыё Свабоды» сустрэліся зь юбіляркай і пагарталі яе сямейны альбом. Скончыла мэдыцынскую вучэльню, але марыла стаць артысткайЗінаіда Бандарэнка нарадзілася ў 1939 годзе ў Менску ў сям’і доктара. Жылі ў інтэрнаце мэдінстытуту на вуліцы Ленінградзкай. Калі пачалася вайна і Менск пачалі бамбіць, маці з маленькімі сынам і дачкой пайшла пешшу на Гомельшчыну да сваякоў. Жылі спачатку ў вёсцы Ўборак Лоеўскага раёну, потым пераехалі ў Гомель. Яшчэ ў школе Зінаіда Бандарэнка захапілася тэатрам, займалася ў драматычным гуртку.