«Крама» прэзэнтавала новую песьню

Яна анансуе будучы новы альбом каманды Ігара Варашкевіча. «Крама» прэзэнтуе на TuzinFM песьню «Паліцэйскі рок-н-рол», якая анансуе будучы новы альбом каманды Ігара Варашкевіча. Яна запісаная з новым гітарыстам Андрэем Краўцэвічам на словы аўтара першых альбомаў гурта Ulis Фэлікса Аксёнцава. «Паліцэйскі рок-н-рол» фактычна сьведчыць пра другое нараджэньне «Крамы». Доўгі час у гурце была неспрыяльная атмасфэра для творчасьці праз ідэйныя разыходжаньні Ігара Варашкевіча і Сяргея Трухановіча. Увосень іх канфлікт выйшаў на публіку. Сяргей заявіў, што ня бачыць больш сэнсу працаваць з гуртом. Сваю крытыку ў адказ выказаў Ігар. У выніку Трухановіч адмовіўся выйсьці на заяўлены ўжо канцэрт і паставіў кропку ў гісторыі з «Крамаю». Варашкевіч думаў сканцэнтравацца на сольным праекце. Далейшае існаваньне каманды апынулася пад пагрозаю…З сынглу «Паліцэйскі рок-н-рол» пачынаецца новая старонка ў гісторыі «Крамы». У гурт прыйшоў новы гітарыст – Андрэй Краўцэвіч (ён быў задзейнічаны ў такіх гуртах і праектах, як The Stokes, Flammable, StereoТипы, Top Gun, Los Bulbas).