Сяргей Жадан: Украінцы не здадуць тое, што было адваявана

Людзi заплацілі вялікую цану за тое, каб мець сваю краіну і сваю культурную прастору. Украінскі пісьменьнік і рок-музыка расказаў Радыё Свабода пра «грымучую сумесь» прыхільнікаў кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзіміра Зяленскага і пра тое, ці вернуцца ва Ўкраіну «часы з Кабзонам». Пісьменьнік і рок-музыка Сяргей Жадан напісаў пра рызыку «абнуленьня» культурнай сытуацыі ва Ўкраіне. Паводле яго, апошнія 5 гадоў украінская дзяржава нарэшце мела нейкую культурную палітыку на ўзроўні падтрымкі інстытуцый і доўгатэрміновых праектаў. Ці здолее ўкраінская грамадзянская супольнасьць абараніць гэтыя інстытуцыі і праекты?— Грамадзянская супольнасьць можа абараняць сам вэктар разьвіцьця, падтрымліваць яго, ціснуць на ўладу. Але не зусім зразумела, як бы грамадзянская супольнасьць абараняла дзяржаўныя структуры. Напрыклад, захоча дзяржава зьняць дырэктара нейкай структуры — дык давядзецца абараняць нейкія пэрсаналіі? Гэта будзе вельмі складана кантраляваць. Калі я пісаў, я меў на ўвазе тое, што новай уладзе і ня трэба будзе нешта зачыняць, скасоўваць ці ліквідаваць.