Гэта застанецца з вамі на ўсё жыцьцё

Вы — людзі, якія зносілі крыжы над забітымі. У Курапатах зносяць крыжы. Заматалі нумар на трактары анучамі, закрыліся ў жалезных кабінах машын. Чапляюць жалезнымі крукамі, мэталічнай рукой падымаюць крыж і грузяць у прычэп. Страшна. Страшна рукамі брацца. Усё адно ўнутры точыць сумневам: а ну як адсохне яна, рука. Шкада рукі. Зьвязуць на гаспадарчы двор лясгасу, кінуць у кут. Будуць хадзіць там увесь дзень, увесь тыдзень, а ў куце будуць ляжаць штабялямі трупы белых, моцных, маўклівых крыжоў. Мёртвыя людзі ня плачуць, мёртвыя крыжы таксама маўчаць. Можа, знойдуцца сярод лясгасаўцаў такія, хто пойдзе пакурыць побач з крыжовымі трупамі, хто сплюне нават на шэрую зямлю, парэпаную белымі камлямі. Што ты зрабіў за сваё жыцьцё, чалавеча? Дзеля чаго жыў? Дзеля таго, каб аднойчы зьнесьці крыж, пастаўлены над без віны забітым. Нашто ты рабіў гэта, дурань? Мне сказалі. «Чаму ў Курапатах зносяць крыжы» — «Чытайце «прэзыдэнта!» Так адказвае прыгожая жанчына на пытаньні разгубленых людзей.