Воля ў сабе

У кожнага з нас павінна быць не дзве душы, якія ў канфлікце паміж сабой, а толькі адна, якая хвалюецца за родны край. Небяспечную хваробу, якая даймае насельніцтва краіны, перашкаджае рухацца наперад у палітычным, эканамічным і сацыяльным развіцці, яшчэ ў 1919 годзе выявіў класік айчыннай літаратуры Максім Гарэцкі. Яго дыягназ «абмаскаленыя беларусы» — лаканічны, але за ім стаіць безліч праблем. Пасля развалу СССР перад жыхарамі незалежнай Беларусі паўстаў шэраг важных задач. Трэба было адначасова: вучыцца жыць у дэмакратычных умовах, быць адказнымі за ўласны дабрабыт, павышаць палітычную культуру, згуртоўвацца ў грамадзянскую супольнасць, фарсіравана займацца нацыянальным і дзяржаўным будаўніцтвам, адраджаць родную мову, культуру, народныя традыцыі. Гэты шлях — не новы, яго праходзілі ўсе народы (палякі, чэхі, немцы, іспанцы, італьянцы), якія вырываліся на свабоду з таталітарызму. Толькі так можна займець асабістую годнасць, развітую нацыю і эканамічна моцную краіну.