На беларускае шэсьце ў гонар Каліноўскага прыйшоў першы лідэр вольнай Літвы

Вітаўтас Ляндсбэргіc выступіў на Лукіскім пляцы. Цэнтрам Вільні сёньня прайшла калёна зь беларускімі, літоўскімі і ўкраінскімі сьцягамі. Акцыю зладзілі з ініцыятывы беларускіх арганізацыяў Літвы. Удзельнікі шэсьця прайшлі з вуліцы Сьвятога Ігната на Лукіскі пляц пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Менавіта там 155 гадоў таму быў пакараны сьмерцю нацыянальны герой Беларусі, нагадвае «Радыё Свабода». Паўстаньне Кастуся Каліноўскага 1863-1864 году было скіраванае супраць Расейскай імпэрыі і за аднаўленьне Рэчы Паспалітай. 22 сакавіка 1864 году Кастусь Каліноўскі быў павешаны ў Вільні. Падчас шэсьця беларускі дасьледчык Язэп Янушкевіч зачытваў імёны паўстанцаў. Перад прысутнымі на Лукіскім пляцы, дзе быў забіты нацыянальны герой Беларусі, выступіў першы лідэр незалежнай Літвы Вітаўтас Ляндсбэргіс.