Віталь Казак: Пара ўжо зрабіць мемарыял простаму чалавеку

Берасцейскі актывіст адстойвае народную памяць перад уладамі. Разгляд адміністрацыйнай справы берасцейскага грамадскага актывіста Віталя Казака перанеслі на 25 сакавіка. Пра гэта паведамілі паплечнікі актывіста ў Viber-канале «Неравнодушные», перадае «Радыё Рацыя». Віталя Казака яшчэ ў пятніцу выклікалі ў адзін з пастарункаў міліцыі з нагоды шэрагу ягоных акцыяў па ўшанаванні памяці парэшткаў людзей, якія знайшлі падчас будовы жыллёвага кварталу «Прыбужскі». Актывіст з пастарунку не выйшаў, бо быў адпраўлены ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця, дзе знаходзіўся пад вартай да панядзелку:– У нас у горадзе ёсць помнікі і ваеначальнікам, і пісьменнікам, і паэтам, і палітыкам. Але няма помніка простаму чалавеку, які тут жыў і сваім жыццём расплачваўся за памылкі палітыкаў цягам стагоддзяў. Пара ўжо зрабіць такі мемарыял. Судзіць яго павінны былі па двух эпізодах, адзін з якіх падпадае пад артыкул 17. 1 КоАП РБ – «дробнае хуліганства». З таго часу як знайшлі парэшткі імаверных ахвяраў часоў Другой Сусветнай вайны на месцы будучага кварталу «Прыбужскі», Віталь Казак правёў тры памятныя акцыі.