«Ён да канца змагаўся за свабоду, да канца трымаў гэты сьцяг»

Чаму мы можам раўняцца на Сяргея Ханжанкова. 13 сакавіка Сяргею Ханжанкову споўнілася б 77 гадоў. Былы палітвязень 70-х памёр амаль тры гады таму, 16 сакавіка 2016-га. Вечарыну памяці Сяргея Ханжанкова зладзіў у офісе БНФ рух салідарнасьці «Разам», перадае «Радыё Свабода». Актывісты, палітыкі, аднадумцы дзяліліся ўспамінамі пра Сяргея Ханжанкова — аднаго з самых вядомых беларускіх палітвязьняў. Мікалай Статкевіч: «Унікальны прыклад»Паводле Мікалая Статкевіча, роля Сяргея Ханжанкова ў беларускім грамадзтве і сёньня ўнікальная. Мікола Статкевіч «Ён да канца змагаўся за свабоду, да канца трымаў гэты сьцяг», — казаў былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч. Палітык нагадаў пра актывістаў, якія пасьля некалькіх гадоў змаганьня адышлі ўбок ад палітычнай барацьбы і заняліся ўспамінамі. «Атрымліваецца: навошта трэба было змагацца? Што гэта, марна? Але Сяргей да канца жыцьця працягваў барацьбу, і мы павінны на яго ў гэтым раўняцца». Чаму не пагаджаўся на датэрміновае вызваленьне?Сяргей Ханжанкоў у 1963 годзе быў асуджаны на 10 год лягераў за стварэньне антысавецкай студэнцкай групоўкі і спробу тэракту — плянаваў узарваць у Менску вежу, якая глушыла «Голас Амэрыкі» ды іншыя «варожыя галасы».