Беларуская дыктоўка прайшла ў Варшаўскім унівэрсытэце

Большасьць яе ўдзельнікаў - гэта прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў, для якіх беларуская мова - замежная. У Міжнародны дзень роднай мовы Катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту зладзіла «беларускую дыктоўку». Такім чынам у найбуйнейшым акадэмічным асяродку замацавалася традыцыя адзначэньня Дня роднай- беларускай мовы, бо сёлета дыктоўка прайшла ў другі раз, паведамляе «Польскае радыё». Варта прыгадаць, што традыцыю Агульнанацыянальнай дыктоўкі запачаткавала Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў 2008 годзе. Варшаўскі ўнівэрсытэт далучыўся да гэтай годнай традыцыі летась, і ўсё сьведчыць аб тым, што супрацоўнікі Катэдры беларусістыкі не памыліліся са сваім рашэньнем. Гаворыць кіраўнік Катэдры Вольга Трацяк. Вольга Трацяк: Нам хочацца захаваць традыцыю паколькі мы ўбачылі, што ёсьць зацікаўленасьць нашым артаграфічным конкурсам. (…)Тэкст дыктоўкі быў абраны з нагоды 150-годзьдзя зь дня нараджэньня славутага, неардынарнага беларускага пісьменьніка Ядвігіна Ш.