Алег Трусаў: Народ павярнуўся тварам да беларускай мовы

Як святкуе Дзень роднай мовы грамадства, дзяржава і кожны з нас? Міжнародны дзень роднай мовы беларуская адзначае ў Беларусі, а расейская – у Расеі. Як і мае быць. Як святкуе дзяржава, грамадства і кожны з нас ды якія перспектывы мае родная мова?Паштоўка для блізкай асобы на блізкай сэрцу мове… Белпошта ў Дзень мовы запрашала падпісаць паштоўку з выявамі айчынных краявідаў. Алена Мілеўская, супрацоўніца пошты, кажа «Белсату»:«Вы можаце падпісаць паштоўкі на роднай мове і адправіць сваім родным і блізкім, а Белпошта бясплатна даставіць гэтыя паштоўкі». Напярэдадні Дня мовы ў «Купалаўскім» пацешыў вока старт новага сезону праекту «Беларускіх уікэндаў» на вечарыне ў стылі «Чорна-белае кіно»! Ахвочыя спрабавалі сябе ў ролі дублёраў. Андрэй Кім, кіраўнік праекту «Беларускія уікэнды»:«Аўдыторыя расце і аднаўляецца. Калі ў 2017 годзе мы разам з нашым партнёрам – кампаніяй Velkom фіксавалі больш за 20 000 наведнікаў, то на працягу 2018 года гэтая лічба вырасла на 50 %». Мара – каб па-беларуску гучаў увесь айчынны кінапракат.