«Железный порядок», які куецца 25 гадоў, не спрацоўвае

Моладзь назірае за паводзінамі правіцеля i капіруе яго бескультур’е. На фасадзе школы ў Стоўбцах, дзе адбылася крывавая трагедыя, змешчаны лозунг: «Мы — будучае Беларусі!». Але якраз прыгожая дэкларацыя змушае задумацца: за тры гады ў невялікай краіне — тры жудасных здарэнні, здзейсненыя падлеткамі!Якая будучыня чакае наш цярплівы народ? Чаму моладзь выходзіць за рамкі маралі? Наскокам, як гэта звычайна робіць аўтарытарны рэжым і яго прапаганда, праблемы сучаснага жыцця асэнсаваць немагчыма. У кожнай праяве жорсткасці ёсць свая прычына і асаблівасці. Але трагедыі вядуць да высновы, што ў «беларускім каралеўстве» нешта няладнае з маральным здароўем. З распадам СССР мы трапілі ў новыя ўмовы жыцця. Пасля сацыяльнай ураўнілаўкі, дэфіцыту, аскетызму насельніцтва кінута ў вір назапашвання багацця, што яно і робіць — адзін перад адным. Праўда, для большасці ўсё скончылася на стадыі нялёгкага выжывання. Грамадства размежавана на вузкі клан багатых і вялікую колькасць бедных.