Няскораныя: Цiкавыя факты пра Янку i Ларысу Геніюшаў

40 гадоў таму не стала Янкі Геніюша – беларускага грамадскага дзеяча, бібліяфіла, доктара, вязня ГУЛАГу, мужа Ларысы Геніюш. Пачну з радкоў з пісьма Ларысы Геніюш да Сакрата Яновіча ад 3 красавіка 1969 года (Ларыса Геніюш. Каб вы ведалі…Мн. , 2005. С. 235): “Дарагі сябра Сакрат! Цяжка паэту пісаць прозаю, але вельмі хочацца мне паслаць Вам гэты кусочак успамінаў са старых Крынак. Калі б з гэтага нешта надавалася для друку, а імя маё не было дзеля гэтага перашкодай, дык, калі ласка, пакланецеся і ад мяне старому гарадку маяго роду…”. Ларыса Геніюш нарадзілася ў 1910 годзе на Ваўкавышчыне ў фальварку Жлобаўцы, як яна сама пісала, на зямлі “з дзядоў і бацькоў беларусаў”. А дзед яе Павел Міклашэвіч быў родам з Крынак. Ларысы Геніюш аб гэтым успамінае і ў артыкуле “Крынкі” (“Маладосць”, 1997, № 1): “Казаў мой дзед Павел, што некалі прыйшлі туды ў пушчу два браты Мікалай і Міхал, якія і залажылі Крынкі. Ад Мікалая пайшлі Міклашэвічы, а ад Міхала — Міхайлоўскія — два старыя, адвечныя роды ў Крынках”.