Cнегавік-пікетоўшчык – гэта яшчэ кветачкі

Увага, калі вы вырашылі на вуліцы патанцаваць ці паспяваць, бо ў вас добры настрой, то будзьце асцярожнымі. Вы можаце патрапіць пад артыкул, бо міліцыянты могуць палічыць, што вы не таньчыце, а ладзіце флэшмоб. А флэшмоб – гэта масавае мерапрыемства. 14 лютага ў Менску мусіў прайсці танцавальны флэшмоб супраць гвалту. Але ГУУС танцы супраць гвалту не дазволіла, бо лічыць, што флэшмоб – гэта масавае мерапрыемства, на якое патрэбны дазвол. Ну, гэта мы ўжо праходзілі. У Беларусі нават снегавік можа быць расцэнены як пікетоўшчык. Жыхарку Берасця Юлію Нічыпарук пакаралі штрафам нядаўна за тое, што разам са сваімі дзецьмі зляпіла снегавіка і ўпрыгожыла яго ўлёткамі супраць акумулятарнага заводу. Але снегавік-пікетоўшчык – гэта яшчэ кветачкі, калі ўзгадаць, што некалькі гадоў таму аштрафавалі аднарукага за публічныя апладысменты. Між іншым, пасля акцый пратэсту ў 2011 годзе, падчас якіх удзельнікі моўчкі пляскалі ў далоні, у Беларусі забаранілі публічныя апладысменты. Некаторыя нават Шнобелеўскую прэмію за гэта атрымалі.