Гiсторык: Крыж Еўфрасінні Полацкай жывы і знаходзіцца ў Расеі

Сяргей Тарасаў мяркуе, што cвятыня можа знаходзiцца ў руках РПЦ. Пра культуру старажытнай Беларусі ХI-ХІІІ стагоддзў гаварылі ў Глыбокім. З такой прэзентацыяй выступіў гісторык і археолаг з Менска Сяргей Тарасаў, паведамляе «Радыё Рацыя». Значную ўвагу ён надзяліў гісторыі Полаччыны, распавёў пра пабудову Сафійскага сабора, археалагічныя артэфакты, крыж Еўфрасінні Полацкай ды іншае. На яго думку, цяпер крыж знаходзіцца ў руках Рускай Праваслаўнай Царквы. Як кажа Сяргей Тарасаў, ён спадзяецца на тое, што крыж вернецца на Беларусь, бо гэта найвялікшая святыня для беларусаў усіх канфесій. – Такія рэчы, як крыж Еўфрасінні Полацкай, такія святыні, яны не прападаюць па вызначэнні. Яны не маюць каштоўнасці, калі іх разабраць па кавалках, па каменьчыках. Таму гэты крыж ёсць. Ён жывы, я ў гэтым упэўнены. І ён знаходзіцца канешне ж у Расеі. Найверагоднейшае месца яго знаходжання – гэта Троіца-Сергіеўскі Пасад у Падмаскоўі. Гэта адпаведна манастыр і асабістая рызніца Маскоўскага патрыярха.