Леанiд Кулакоў мусіць сплаціць амаль 2 тысячы рублёў, каб вызначыць, ці зламалі яму руку

Актывiст лічыць кошт экспэртызы завышаным і зьвязвае яго зь перасьледам уладамі абаронцаў Курапат. 1870 рублёў будзе каштаваць судова-мэдычная экспэртыза траўмы рукі абаронцу Курапатаў Леаніду Кулакову, які пацярпеў ад наезду наведніцы рэстарацыі «Поедем поедим», паведамляе «Радыё Свабода». «Адкуль у мяне такія грошы? Рука не згінаецца, я не магу працаваць кіроўцам, жыву на капейкі. Суд гэта добра ведае», — абураецца Леанід Кулакоў. Кошт экспэртызы ён лічыць завышаным і зьвязвае яго зь перасьледам уладамі абаронцаў Курапат. Інцыдэнт здарыўся летась у чэрвені. Леаніда Кулакова падчас пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим» зьбіў аўтамабіль, за рулём якога была Злата Савостава. Яна не адмаўляла ў судзе, што сьвядома паехала ў бок пікетоўцаў, якія стаялі на дарозе ў рэстарацыю: «Думала, што яны расступяцца». У Кулакова выявілі пералом рукі і наклалі гіпс. Актывіст ацаніў нанесеную яму шкоду ў 120 тысяч рублёў. Дыягназ «пералом» у судзе пацьвердзіў хірург 27-й паліклінікі, які лячыў актывіста.