У Гомелі пройдзе канцэрт да 200-годдзя Станіслава Манюшкі

Канцэрт пройдзе 27 лютага ў Белай гасцінай палаца Румянцавых і Паскевічаў. У Белай гасцінай палаца Румянцавых і Паскевічаў 27 лютага адбудзецца канцэрт «Жыццё ў песні. Старонкі «Хатняга спеўніка» Станіслава Манюшкі, прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара, паведамляе nashkraj. info. Найлепшыя песні са знакамітага цыкла «Хатні спеўнік» Станіслава Манюшкі прагучаць у выкананні выдатных салістаў Вялікага тэатра Беларусі – лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Ірыны Кучынскай (сапрана) і Іллі Сільчукова (барытон), а таксама шматгадовага папулярызатара гістарычнай музыкі і архіўных знаходак – ансамбля салістаў «Вытокі» пад кіраўніцтвам лаўрэата міжнародных конкурсаў, фагатыста і дырыжора Аляксея Фралова. Канцэрт арганізаваны пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску. Імя Станіслава Манюшкі з’яўляецца адным з найвялікшых у гісторыі і культуры Беларусі і Польшчы, яно адначасова рэпрэзентуе гэтыя дзве культуры і аб’ядноўвае іх. Гэтай унікальнай праграмай, якая ўсебакова ілюструе жыццё вялікага кампазітара-рамантыка, музычны свет Беларусі распачынае серыю канцэртаў і іншых мерапрыемстваў на шляху да 200-гадовага юбілею Станіслава Манюшкі, які будзе адзначацца 5 мая 2019 года.