Мікола Бушчык: Чыноўнікі ў правінцыі – гэта маленькая імперыя сну

Чыноўнікам цікавыя і карысныя прапановы да лямпачкі. Паўтары гады таму беларускі мастак Мікола Бушчык прадаў сваю менскую кватэру і прыехаў у Слонім, дзе купіў з сям’ёй вялікі дом. Ён мае некалькі паверхаў, ёсць месца для выставачнай залы, гараж, пакой для сустрэч і г. д. Каля дома некалькі сотак зямлі. Адным словам – вельмі добрае і зручнае месца для жыцця і працы. Карэспандэнт “Радыё Рацыя” задаў адно толькі пытанне мастаку: Ці не шкадуеце Вы, што вярнуліся ў родны Слонім, пакінуўшы сталіцу?”. Вось што адказаў мастак:– Я – гарадскі чалавек з душой прыроды. Хаця недалёка ад Слоніма стаіць у вёсцы Дзераўная бацькоўская хата. Тым не менш, я гарадскі чалавек. І зусім не шкадую, што вярнуўся ў правінцыю. Сталіца для мяне – толькі шлях развіцця і не болей. А камунікаваць з мастакамі і з сябрамі сёння даволі лёгка. А калі трэба спаткацца, то сябры прыедуць да мяне, ці я сяду ў машыну і праз дзве гадзіны ў Менску. Прыехаўшы ў Слонім, я думаў ажыццявіць шмат добрых спраў і праектаў на карысць горада і землякоў, але з мясцовымі вертыкальшчыкамі гэтыя справы зрабіць не ўдаецца.