Беларус з Падляшша стварае самую грунтоўную анлайн-бібліятэку беларускіх выданняў

Як сайт kamunikat. org стаў «другім сынам» Яраслава Іванюка. Пра гісторыю і планы самай поўнай і самай вядомай анлайн-бібіліятэкі беларускіх кніг і выданняў kamunikat. org «Народная воля» распытала ў стваральніка партала, беластоцкага журналіста Яраслава Іванюка. — У 2000 годзе ў мяне нарадзіліся два дзіцяці, — смяецца Ярэк, — мой сын і «Камунікат». А рабіць сайт, дарэчы, навучыла жонка. Падрабязнасці 18-гадовай даўніны Яраслаў згадвае на прыгожай беларускай мове. Іванюк — класічны прадстаўнік беларусаў Падляшша: нарадзіўся, вырас і жыве ў Польшчы, але сам — этнічны беларус. — Я гадаваўся ў сям’і, дзе па-польску нават не размаўлялі. Толькі на мове! — тлумачыць Ярэк. — Не літаратурнай, канешне: у Бельску-Падляшскім мы гаворым на нашым мясцовым дыялекце. Але школа ў мяне была беларуская, ліцэй — таксама беларускі, імя Тарашкевіча. Пытання нават не ўзнікала — беларус я ці паляк! I сына свайго я запісаў беларусам. Таленавіты журналіст, прафесійны гісторык, харызматычная асоба.