Дзеці зладзілі дабрачынную выставу пры менскай царкве

Пярэдадзень Раства Хрыстова – час асаблівага рыхтавання да свята. Навучэнцы нядзельнай школы зладзілі пры царкве Пятра і Паўла ў Менску дабрачынную выставу самаробных вырабаў, не збаяўшыся перадкалядных маразоў, перадае «Белсат». «Трэба не толькі для сябе штосьці рабіць, але і для іншых. Нам гэта проста падабаецца. Хоць тут і халодна, але нам у душы цёпла. Нас гэта сагравае», – кажуць навучэнцы. Дзень перад Раством – гэта таксама малітва, узмоцнены пост і адначасна гатаванне ўрачыстай вячэры – Беднай куцці, кажуць вернікі царквы. «Усё гатую, як гатавала мая мама: блінчыкі з грыбамі, мак пераціраем – усё робім так, як рабіла мама». «Мама нас заўсёды прывучала, што Раство – гэта вялікае свята, як і Уваскрашэнне. Таму да Раства мы рыхтуемся, рыхтуемся малітоўна, рыхтуемся і ў ежы – будзе разнастайнасць». «Павінныя ставіцца да людзей менавіта так, як мы хочам, каб ставіліся да нас – менавіта па Божым пісанні». Да таго, як сесці за святочны стол, у сем’ях чакаюць калядную зорку і ўжо затым дораць ды атрымоўваюць падарункі, якія асабліва любяць дзеці.