«Нашы продкі на Каляды не ўпрыгожвалі елку, гэта быў вясельны атрыбут нявесты»

Гісторык – пра абрады галоўнага свята беларусаў. «Каляда-каляда, дзед на бабу пагляда, баба — на ікону, дайце самагону», — у фальклоры беларусаў захавалася шмат калядных прыказак, прымавак, песень і народных прыкмет. Прычым і зараз нават гарадскія жыхары могуць выдаць што-небудзь з каляднага. Але мала хто можа пахваліцца тым, што ведае, адкуль пайшла назва гэтага свята і што рабілі ў калядныя дні нашыя продкі. Выпраўляемся і запаўняем прабелы ў сваёй гістарычнай памяці, піша onliner. by. Хто гэта?Пятро Цалка, дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава. «Адны лічаць, што слова „каляды“ паходзіць ад лацінскага „календы“, ці Kalendae, — пачатак часу»— Спадар Пятро, адкуль такая назва — Каляды? Не Божае нараджэнне ці Раство, а менавіта Каляды?— Што тычыцца слова «каляды», то тут навукоўцы разбіліся на два лагеры. Адны лічаць, што яно паходзіць ад лацінскага «календы», ці Kalendae, — пачатак часу, які адзначаўся ў старажытных рымлян з выплатай пазык і сведчыў пра пачатак нейкага новага перыяду.