Івонка Сурвілла: Беларускі народ жыве!

Старшыня Рады БНР перадала свае віншаваньні з сьвятам Божага Нараджэньня і Новым годам. Віншаваньні старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвіллы апублікаваў сайт radabnr. org:«Дарагія суродзічы, дарагія беларусы ва ўсім сьвеце!Надыходзіць канец 2018 году. Гэта быў асаблівы для нашага народу год: сёлета мы адсьвяткавалі соты юбілей адноўленае беларускае дзяржаўнасьці. То былі цяжкія сто гадоў, поўныя гераічнага змаганьня, поўныя ахвяраў і стратаў. Але нікому так і не атрымалася нас скарыць. Бо нават бальшавікі былі вымушаныя аформіць сваю акупацыю Беларусі ў выглядзе вонкава незалежнай “савецкай рэспублікі”, добра разумеючы, што волю беларускага народу да незалежнасьці ім ужо не зламаць. З нагоды сёлетняга слаўнага юбілею я падпісала дэкрэт аб узнагароджаньні некалькіх дзясяткаў заслужаных асобаў у Беларусі і ў замежжы адмысловым юбілейным мэдалём Рады БНР. У самым хуткім часе мы паведамім пра гэта больш падрабязна. Дарагія суайчыньнікі! Я хачу, каб мы з аптымізмам глядзелі у будучыню.