Павел Севярынец: Курапаты – гэта пачатак беларускага нацыянальнага руху

Тых, хто адчувае гісторыю, тых, хто адчувае сэрцам сваю краіну, Курапаты паклікалі. Адной з праблемаў, якая завязалася ў Беларусі ў вузел у 2018 годзе – сітуацыя вакол Курапатаў – мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Пра гэта распавеў “Радыё Рацыя” Павел Севярынец. – Курапаты – гэта пачатак беларускага нацыянальнага руху. Курапацкі Крыж – гэта сістэма каардынатаў. У Курапатах сёння адкрылі ганебную рэстарацыю. У Курапатах праводзяць дзяржаўнае “упарадкванне”, і, канешне, у гэты час задача свядомых беларусаў быць там, каб не дапусціць разбурэнне мемарыялу і дамагчыся закрыцця рэстарацыі “Поедим поедим”. Я думаю, тых, хто адчувае гісторыю, тых, хто адчувае сэрцам сваю краіну, Курапаты паклікалі. Любоў Сакалоўская: - Мы абаранялі Курапаты з пачатку гэтага стагоддзя. Ну і сэрца баліць пра Курапаты. На жаль, гэты рэжым зрабіў ўсё, каб забыць пра Курапаты. Што там было і як было. Але мы ёсць, мы помнім. Я думаю, будзем помніць заўжды. Перададзім нашым дзецям, унукам. Курапаты – гэта наша боль.