Калі было запачаткавана беларускае канстытуцыйнае права?

Наш Статут значна ўплываў на заканатворчасць суседніх народаў. Распрацоўка канстытуцыйнага права ў Беларусі пачалася яшчэ ў ХІV стагоддзі ў агульназемскіх і абласных прывілеях, але ў іх былі толькі асобныя нормы, якія забяспечвалі правы шляхты. Зыходным момантам у развіцці канстытуцыйнага права ў нашай дзяржаве паслужыў прывілей вялікага князя Казіміра 1447 года. Наступным этапным дакументам быў прывілей вялікага князя Аляксандра 1492 года, які можна назваць хартыяй вольнасцяў, першай агульнадзяржаўнай канстытуцыяй. Але найбольш поўна канстытуцыйныя нормы былі выкладзеныя ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566 і асабліва 1588 года. Статут 1588 года прадугледжваў крымінальную адказнасць шляхціча за забойства простага чалавека, абвяшчаў ідэю верацярпімасці, забараняў перадачу вольнага чалавека за даўгі або злачынства ў няволю, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх (да 16 гадоў). Праз увесь Статут праводзіцца ідэя ўмацавання прававога парадку, пры якім усе дзяржаўныя органы і службовыя асобы абавязаны дзейнічаць толькі ў адпаведнасці з законам.